ГалоўнаяПра бiблiятэкуСучасны стан

Сучасны стан Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, ва ўзвядзенні якога прымала ўдзел уся краіна, адкрыўся для карыстальнікаў 16 чэрвеня 2006 г. На цырымоніі ўрачыстага адкрыцця было адзначана, што гэты ўнікальны будынак – велічнае інжынернае і архітэктурнае збудаванне, узведзенае згодна з найноўшымі навукова-тэхнічнымі распрацоўкамі. На аснове высокіх тэхналогій і інфармацыйных рэсурсаў, якія рэгулярна папаўняюцца, бібліятэка зможа на больш высокім узроўні абслугоўваць адукацыйныя, навуковыя, выхаваўчыя запатрабаванні грамадства, садзейнічаць тэхнічнаму і эканамічнаму прагрэсу, рашэнню глабальных экалагічных, дэмаграфічных і іншых агульначалавечых праблем, якія стаяць перад грамадствам.

Новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі знаходзіцца на галоўнай транспартнай магістралі сталіцы рэспублікі – праспекце Незалежнасці ва ўнікальнай ландшафтнай зоне з асаблівай воднай і паркавай сістэмамі. Перад яго фасадам на невялікай пляцоўцы размяшчаецца адліты з бронзы помнік беларускаму першадрукару Францыску Скарыне. Знешне будынак нагадвае прыбліжаны да шара абліцаваны шклом шматграннік – “брыльянт”, які ўзнімаецца ў цэнтры 3-павярховай падстаўкі (стылабата). Форма будынка сімвалізуе сабой каштоўнасць ведаў і бясконцасць пазнавальнага свету (аўтары архітэктурнага праекта – М.К. Вінаградаў і В.У. Крамарэнка).

Асноўныя параметры новага будынка

  • агульная плошча будынка – 113 669 кв. м;
  • у тым ліку фондасховішча – 54 960 кв. м;
  • будаўнічы аб’ём будынка – 420 558 куб. м;
  • у тым ліку фондасховішча – 200 580 куб. м;
  • вышыня будынка – 73 670 м;
  • умяшчальнасць фондасховішча – 14 млн адзінак захоўвання;
  • колькасць чытацкіх месцаў – 2 000;
  • колькасць чытальных залаў – 17;
  • колькасць аўтаматызаваных рабочых месцаў карыстальнікаў і персаналу – больш за 1 500.

Мастацка-дэкаратыўнае афармленне будынка

Стварэнню індывідуальнага вобраза Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі садзейнічае і мастацка-дэкаратыўнае афармленне будынка. Праз галоўны ўваход, выкананы ў выглядзе старонак разгорнутай кнігі з мастацкімі выявамі на тэму развіцця сусветнай і славянскай пісьменнасці, наведвальнікі трапляюць у вестыбюль, які ўражвае багаццем асвятлення і зеляніны. Тут адбываецца першае знаёмства карыстальнікаў з бібліятэкай, размяшчаюцца даведачна-рэгістрацыйная і інфармацыйная службы, ажыццяўляецца запіс на экскурсійнае абслугоўванне.

На першым паверсе ў зоне атрыума карыстальнікі атрымліваюць звесткі пра наяўнасць канкрэтнага выдання ў бібліятэцы, вучацца самастойнаму пошуку дакументаў з выкарыстаннем аўтаматызаваных сродкаў. Даведачна-інфармацыйны апарат гэтай зоны прадстаўлены электронным каталогам, што вядзецца з 1993 г., імідж-каталогам, які з’яўляецца электронным адлюстраваннем Генеральнага алфавітнага каталога і Сістэматычнага каталога картаграфічных выданняў і інш. Новае праграмнае забеспячэнне, укаранёнае ў бібліятэцы, дазваляе ажыццяўляць шматаспектны пошук дакументаў, аўтаматызаваць працэсы заказу і выдачы друкаваных дакументаў карыстальнікам; забяспечвае доступ да найбольш актуальных электронных рэсурсаў: баз даных, набытых бібліятэкай у вядучых сусветных вытворцаў, баз даных уласнай генерацыі і значнай колькасці бібліяграфічных і паўнатэкставых выданняў на CD-ROM. Бібліятэчна-інфармацыйныя паслугі даступны не толькі карыстальнікам, якія наведалі бібліятэку.

Павышэнню эфектыўнасці абслугоўвання аддаленых карыстальнікаў садзейнічаюць віртуальныя службы і сэрвісы бібліятэкі, якія прадастаўляюцца сродкамі інтэрнэт-партала: "Спытай бібліятэкара", "Электронная дастаўка дакументаў", "Віртуальны цэнтр прававой інфармацыі", "Адкрытая інфармацыя: віртуальны цэнтр па дзейнасці міжнародных арганізацый". З мэтай пашырэння аўдыторыі карыстальнікаў у бібліятэцы функцыянуе віртуальная чытальная зала, якая забяспечвае аддаленым карыстальнікам доступ да электронных інфармацыйных рэсурсаў. Новы будынак даў магчымасць аптымізаваць арганізацыю фондаў бібліятэкі, прыблізіўшы да карыстальнікаў найбольш актуальныя выданні – энцыклапедыі, даведнікі, вучэбныя выданні. Усе яны прадстаўлены ў адкрытым доступе.

Нягледзячы на маштабы будынка, дастаўка кніг і іншых дакументаў з фондасховішча ажыццяўляецца ў аператыўным рэжыме з выкарыстаннем тэлеліфтаў, якія на працягу 20-ці хвілін даставяць запатрабаваную літаратуру карыстальнікам. Такая сістэма аўтаматызаванай транспарціроўкі ў нашай рэспубліцы выкарыстоўваецца ўпершыню.

Чытальныя залы

У новым будынку бібліятэкі 17 чытальных залаў, якія дыферэнцуюцца па розных прыметах з улікам адукацыйнага ўзроўню карыстальнікаў, галін ведаў, відаў дакументаў. Залы разлічаны на 2 тыс. месцаў і размешчаны на трох паверхах. Усе яны аснашчаны электроннымі кафедрамі выдачы дакументаў, сучасным абсталяваннем, якое дазваляе ажыццявіць сканіраванне і капіраванне дакументаў, друк з электронных копій, часткова камп’ютарызаванымі рабочымі месцамі для карыстальнікаў. У чытальных залах створаны камфортныя ўмовы для работы. Не забыты і карыстальнікі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Усе залы светлыя, з іх вокнаў адкрываецца маляўнічы від на парк і водную сістэму. У стылабаце размяшчаюцца таксама вытворча-адміністрацыйныя і гаспадарчыя памяшканні, канферэнц-зала на 490 месцаў.

Унікальнасць праекта новага будынка бібліятэкі заключаецца ў тым, што яе фондасховішча размешчана ў вышыннай частцы будынка. Такое размяшчэнне мае бясспрэчную перавагу ў параўнанні з падземным, таму што з’яўляецца аптымальным з кліматычнага пункту гледжання. Да таго ж калідоры, размешчаныя па перыметры ўсяго фондасховішча, ствараюць двайную праслойку (прынцып тэрмаса) і дазваляюць у любое надвор’е падтрымліваць пастаянную тэмпературу ўнутры памяшкання.

Будынак новай бібліятэкі аснашчаны сучасным інжынерным абсталяваннем, аб’яднаным у адзіны комплекс, які дае магчымасць кіраваць усім жыццёвым цыклам існавання аб’екта і яго падсістэмамі як адзіным цыклам, што дазваляе называць яго інтэлектуальным будынкам. Комплекс інфармацыйна-тэхналагічных сістэм Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прызначаны для выканання ўсіх бібліятэчна-інфармацыйных, тэхналагічных працэсаў і аперацый, складаецца з адпаведнага тэхнічнага сеткавага, праграмнага і інфармацыйна-лінгвістычнага забеспячэння і ўключае аўтаматызаваную бібліятэчную інфармацыйную сістэму, інтэрнэт-партал, сістэму карпаратыўнай каталагізацыі дакументаў і Зводны электронны каталог, сістэму фарміравання нацыянальнай базы даных аўтарытэтных/нарматыўных запісаў, сістэму кантролю і кіравання доступам, сістэму стварэння электронных копій дакументаў, сістэму дастаўкі дакументаў, сістэму рэстаўрацыі і кансервацыі дакументаў, сістэму рэдакцыйна-выдавецкай дзейнасці і г.д. Комплекс інфармацыйна-тэхналагічных сістэм дазваляе па-новаму ўбачыць тэхналогію асноўных напрамкаў дзейнасці бібліятэкі: фарміраванне інфармацыйных рэсурсаў, абслугоўванне карыстальнікаў, арганізацыю фондаў і забеспячэнне іх захаванасці.

Дзейнасць

Актыўная сусветная інфарматызацыя, прагрэс інфармацыйных тэхналогій прад’явілі новыя патрабаванні да галоўнай бібліятэкі краіны, выклікалі неабходнасць узмацнення яе ролі ў жыцці грамадства, стварылі спрыяльныя ўмовы для забеспячэння інавацыйных, навуковых, творчых, пазнавальных і іншых запатрабаванняў карыстальнікаў бібліятэкі, для павышэння якасці і аператыўнасці працы персаналу.

У адпаведнасці з прапановай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі, якая прагучала ў 2004 г. на пастаянна дзеючым семінары кіруючых работнікаў рэспубліканскіх і мясцовых дзяржаўных органаў (“Інавацыйная палітыка дзяржавы і шляхі яе рэалізацыі”), аб стварэнні на базе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі рэспубліканскага інфармацыйнага цэнтра была распрацавана і зацверджана Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь “Канцэпцыя стварэння рэспубліканскага інфармацыйнага і сацыякультурнага цэнтра на базе новага будынка дзяржаўнай установы «Нацыянальная бібліятэка Беларусі»”. Паводле гэтай канцэпцыі бібліятэка як рэспубліканскі інфармацыйны цэнтр:

  • фарміруе адзіную інфармацыйную прастору і арганізуе доступ да нацыянальных і замежных інфармацыйных рэсурсаў;
  • стварае і падтрымлівае інтэрнэт-партал;
  • генерыруе агульнадаступныя нацыянальныя электронныя інфармацыйныя рэсурсы;
  • арганізоўвае функцыянаванне сістэмы карпаратыўнай каталагізацыі, вядзе Зводны электронны каталог бібліятэк Беларусі, базы даных нацыянальнага дакумента і аўтарытэтных запісаў.

18 снежня 2013 г. адбылося пасяджэнне камісіі па акрэдытацыі навуковых арганізацый, па выніках якога было прынята і зацверджана заключэнне аб акрэдытацыі ў якасці навуковай арганізацыі дзяржаўнай установы "Нацыянальная бібліятэка Беларусі". 14 студзеня 2014 г. Нацыянальная бібліятэка Беларусі атрымала Пасведчанне аб акрэдытацыі навуковай арганізацыі, у 2018 г. установа пацвердзіла свой статус.

Унікальныя архітэктурна-будаўнічыя і праграмна-тэхналагічныя асаблівасці новага будынка бібліятэкі садзейнічаюць рэалізацыі яе місіі як сацыяпалітычнага і сацыякультурнага цэнтра. У адпаведнасці з пратаколам даручэнняў кіраўніка дзяржавы ад 15 красавіка 2005 г. на базе будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі створаны Цэнтр міжнародных сустрэч і перамоў на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, які ўключае Авальную і Круглую залы міжнародных пасяджэнняў, канферэнц-залу, міжнародны прэс-цэнтр. Найбольш важнай мэтай цэнтра з’яўляецца арганізацыя і правядзенне міжнародных перамоў, дзелавых сустрэч, канферэнцый, сімпозіумаў і форумаў палітычнай, экалагічнай і прававой тэматыкі.

Аснашчанасць Цэнтра міжнародных сустрэч і перамоў на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў спецыяльнай сувяззю і шматфункцыянальным сучасным абсталяваннем забяспечвае правядзенне буйных палітычных, культурных, адукацыйных мерапрыемстваў на высокім тэхнічным і прафесійным узроўні.

Вялікая ўвага надаецца ў бібліятэцы экскурсійнай дзейнасці. Асаблівую папулярнасць атрымалі аглядныя экскурсіі, якія знаёмяць наведвальнікаў непасрэдна з новым будынкам бібліятэкі, даюць як мага больш поўнае ўяўленне пра работу бібліятэкі, архітэктурныя асаблівасці, мастацкае афармленне, тэхнічны ўзровень. На даху бібліятэкі размяшчаецца аглядная пляцоўка, куды наведвальнікаў дастаўляе панарамны ліфт і адкуль яны могуць любавацца цудоўным краявідам Мінска.

У склад сацыякультурнага цэнтра ўваходзяць канферэнц-зала, комплекс мастацкіх галерэй, музей кнігі, аглядная пляцоўка, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, дзіцячы пакой для гульняў, зоны рэкрэацыі.

У бібліятэцы праводзяцца культурныя і адукацыйныя акцыі з удзелам прадстаўнікоў дыпламатычных місій, міжнародных урадавых і грамадскіх прафесійных арганізацый.

Адным з асноўных напрамкаў дзейнасці сацыякультурнага цэнтра з’яўляецца экспазіцыйная дзейнасць галерэйнага комплексу, які складаецца з 4 галерэй: “Атрыум”, “Лабірынт”, “Ракурс” і “Панарама”.

Разам з мастацкімі галерэямі важным элементам сацыякультурнага цэнтра з’яўляецца музей кнігі, створаны з мэтай азнаямлення наведвальнікаў з развіццём беларускага кнігадрукавання ў кантэксце сусветнай гісторыі кнігі. Асноўны напрамак яго дзейнасці – раскрыццё праз пастаянныя і часовыя экспазіцыі, экскурсійную і навукова-даследчую дзейнасць больш за 100-тысячнай калекцыі рэдкіх і старадрукаваных кніг, знаёмства наведвальнікаў з рарытэтамі, якія захоўваюцца ў бібліятэцы. Музей аснашчаны сучасным выставачным абсталяваннем, якое дазваляе падтрымліваць належную тэмпературу і вільготнасць у памяшканні.

Дзяржаўная ўстанова “Нацыянальная бібліятэка Беларусі” – сучасная бібліятэка, якая спалучае функцыі інфармацыйнага, сацыякультурнага і сацыяпалітычнага цэнтра. Новы будынак бібліятэкі – візітная картка нашай краіны.

Бібліятэкарам