ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіМузей кнігіАрхіў выставакВыстаўкі 2017 г.Францыск Скарына і яго эпоха

Францыск Скарына і яго эпоха

14 верасня ў выставачнай зале (пам. 104) адкрылася міжнародная выстаўка “Францыск Скарына і яго эпоха”, прысвечаная 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.

Яе арганізатары − Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

1Выстаўку па праву можна лічыць фантастычнай. Як машына часу, яна пераносіць нас на 500 гадоў назад, у тыя далёкія часы, калі кнігадрукаванне толькі зараджалася – з’яўляюцца першыя друкарскія станкі, а звыклыя руцэ перапісчыка пяро і чарніліца сыходзяць на другі план. У справе кнігадрукавання ў многіх краін свае героі: Іван Фёдараў – у Расіі, Прымож Трубар – у Славеніі, Уільям Кекстан – у Англіі... А ў Беларусі, вядома ж, – Францыск Скарына.

2Цэнтральнае месца адведзена арыгінальным выданням Францыска Скарыны з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якія ўбачылі свет у Празе і Вільні ў 1517–1525 гг.

На выстаўцы можна даведацца пра першадрукара ўсё і нават больш! На кінапляцоўцы ў рэжыме нон-стоп праходзіць трансляцыя фільмаў пра Скарыну, і, вядома, экспануецца вельмі шмат кніг на любы ўзрост і густ.

3Можна паглядзець адноўлены друкарскі станок Францыска Скарыны і параўнаць яго з сучасным друкарскім станком і 3D-прынтарам.

Абавязкова прыходзьце з дзецьмі! На дзіцячай пляцоўцы хлопчыкі і дзяўчынкі змогуць паўдзельнічаць у майстар-класах і гульнях, папоўніць багаж ведаў на НЯсумных (!) тэматычных уроках, а таксама з дапамогай інтэрактыўнага стала здзейсніць падарожжа па гарадах і краінах, дзе наш знакаміты зямляк пакінуў свой след Тут жа дзеці знойдуць незвычайныя пазлы, размалёўкі і паўдзельнічаюць у пазнавальных віктарынах.

У рамках міжнароднай выстаўкі разгорнута экспазіцыя “Вобразы беларускіх друкаваных выданняў ХIХ–ХХI стст.”.

Арыгіналы і факсіміле першадрукаваных кніг ХV–XVII стст. прывезены з Германіі, Латвіі, Польшчы, Расіі, Славакіі і Славеніі.

Выстаўка “Францыск Скарына і яго эпоха” адкрыта для наведвальнікаў з 15 верасня 2017 года па 10 студзеня 2018 года. Спяшайцеся, бо такое не паўтараецца!
P.S. Хіба толькі праз 500 гадоў – у 2517-м)))

Бібліятэкарам