Цікавай, яркай старонкай гісторыі беларускай культуры з’яўляецца дзейнасць беларускага драматурга, заслужанага настаўніка Беларусі Васіля Савіча Гарбацэвіча (19 красавіка 1893 – 17 верасня 1985), у творах якога паказана народнае жыццё і адлюстраваны непаўторныя рысы свайго часу.
Нарадзіўся Васіль Гарбацэвіч у вёсцы Дукора Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1913 г. скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю. У 1915 г. паступіў у Мінскі настаўніцкі інстытут, які ў час Першай сусветнай вайны быў эвакуіраваны ў Яраслаўль. Тут на літаратурных вечарах пазнаёміўся з Максімам Багдановічам і яго творчасцю. У родную вёску В. Гарбацэвіч вярнуўся ў 1918 г., настаўнічаў у мясцовай школе да 1924 г. У 1924–1929 гг. выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Магілёўскім педагагічным тэхнікуме. Быў арганізатарам і кіраўніком магілёўскай філіі “Маладняка”. У 1929–1933 гг. вучыўся ў Мінскім вышэйшым педагагічным інстытуце. З 1933 г. зноў стаў працаваць настаўнікам Дукорскай школы. У час Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся на фронце, у 1943 г. быў цяжка паранены.
Васіль Савіч займаўся не толькі педагагічнай працай. Доўгі час ён кіраваў драматычным гуртком у Дукоры. Першымі пастаўленымі ім спектаклямі былі “Паўлінка” Янкі Купалы і “Антось Лата” Якуба Коласа. У 1921 г. ён напісаў п’есу “Вяселле”, якая ішла на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра. Спектакль вызначаўся дакладным узнаўленнем старажытнага абраду, насычанага песнямі і танцамі. У 1923-м апублікавана і пастаўлена п’еса “Чырвоныя кветкі Беларусі”, асобна выдадзеная ў 1959-м. У 1983 г. выйшаў зборнік п’ес драматурга. Васіль Гарбацэвіч – аўтар успамінаў пра сустрэчы з Максімам. Багдановічам у Яраслаўлі.
Рамантычна ўзвышаныя, прасякнутыя тонкім лірызмам і народнай дасціпнасцю творы драматурга насычаны фальклорнымі матывамі, яркай сцэнічнасцю, глыбокім веданнем народнай мовы, у іх адчуваецца сувязь паміж глыбокім патрыятычным пачуццём аўтара і яго захапленнем гісторыяй беларускага краю.
Пісьменнік і педагог узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I ступені, медалямі, у 1947 г. яму прысвоена ганаровае званне заслужанага настаўніка Беларусі. З 1981 г. ён член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Больш падрабязную інфармацыю пра В.С. Гарбацэвіча можна знайсці ў фактаграфічнай базе даных “Беларусь у асобах і падзеях”, а таксама штомесячным бюлетэні “Новыя кнігі: па старонках беларускага друка” (дататак “Даты беларускага календара”, 2018, № 1).
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 28 27.