14 красавіка ў рамках святкавання 400-годдзя "Буквара" ў Нацыянальнай бібліятэцы адбыўся майстар-клас для студэнтаў факультэта пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка.
Удзельнікаў мерапрыемства прывітаў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Аляксандр Суша. Ён пазнаёміў студэнтаў і выкладчыкаў з лепшымі ўзорамі кніг для пачатковага навучання, створанымі на беларускіх землях за чатыры стагоддзя, якія дэманструюцца на выстаўцы ў музеі кнігі.
Сучаснымі навуковымі і метадычнымі напрацоўкамі ў методыцы навучання грамаце з будучымі педагогамі падзялілася Вольга Цірынава – вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі пачатковай адукацыі навукова-даследчага цэнтра Нацыянальнага інстытута адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт, галоўны рэдактар часопіса "Пачатковае навучанне: сям’я, дзiцячы сад, школа", аўтар найнавейшага "Буквара" для школ з рускай мовай навучання.
Удзел у майстар-класе прынялі дэкан факультэта пачатковай адукацыі Наталля Ждановіч, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце факультэта пачатковай адукацыі Ірына Буторына і выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка.