Пісаць Янка Брыль пачаў з чатырнаццаці год, але ўпершыню выступіў у друку толькі ў 1938 г. (часопіс “Шлях моладзі”). Акрамя літаратурных здольнасцей Я. Брыль меў яшчэ і арганізатарскі талент, займаўся культурнай і асветніцкай працай. У роднай вёсцы ён стварыў драматычны гурток, ставіў спектаклі і перакладаў на беларускую мову для тэатральнага рэпертуару творы рускіх і польскіх аўтараў.

Пачалася творчая дзейнасць пісьменніка з вершаў, якія асаблівага поспеху аўтару не прынеслі, і з апавяданняў, у якіх талент пісьменніка праявіўся вельмі ярка і шматгранна. У 1946 г. выйшла з друку першая кніга Я. Брыля пад сціплай назвай “Апавяданні”, у якую ўвайшлі некалькі апавяданняў і невялікая аповесць “У сям’і”, прысвечаныя жыццю заходнебеларускай вёскі. Мастацкі летапіс любага сэрцу пісьменніка Наднямоння працягваюць яго другі зборнік “Нёманскія казакі” (1947), а таксама аповесці “Сірочы хлеб”, працу над якой ён пачаў яшчэ да вайны, “У Забалоцці днее” (1950, Дзяржаўная прэмія СССР 1952) і “На Быстранцы” (1955). Ужо гэтыя першыя творы вылучылі Я. Брыля як арыгінальнага майстра лірыка-псіхалагічнай прозы, добрага знаўцу народнай мовы. Шмат разоў перакладалася ў розных краінах свету пранікнёна лірычнае апавяданне Я. Брыля “Галя” (1953), у якім на фоне жыцця заходнебеларускай вёскі раскрыты пачуццёвы свет галоўнай гераіні, яе глыбокая чалавечая драма.

Настойліва звяртаўся пісьменнік і да тэмы Вялікай Айчыннай вайны, тэмы народнага подзвігу. Класікай беларускай літаратуры стала яго апавяданне “Маці” (зборнік “Надпіс на зрубе”, 1958) – гімн беларускай жанчыне, маці, якая не пабаялася ў час Вялікай Айчыннай вайны даць прытулак знясіленым чырвонаармейцам. Тэма вайны знайшла адлюстраванне і ў апавяданнях Я. Брыля са зборніка “Працяг размовы”, які ў 1963 г. атрымаў Літаратурную прэмію імя Я. Коласа. У пачатку 60-х гг. з’явіўся ў друку славуты раман Я. Брыля “Птушкі і гнёзды”. Гэты адзін з самых аўтабіяграфічных твораў пісьменніка быў прынцыпова новым словам у жанры рамана, які сам аўтар назваў “кнігай адной маладосці”. Стылёвыя пошукі Я. Брыля нарадзілі арыгінальнае спалучэнне эпічных і лірыка-псіхалагічных элементаў, тую напружана-эмацыянальную плынь, якая была незвычайнай для традыцыйнай рэалістычнай прозы тых часоў. Унікальнай у сусветнай літаратуры стала і створаная Я. Брылём разам з А. Адамовічам і У. Калеснікам дакументальная аповесць “Я з вогненай вёскі…” (1975) – жудасныя ўспаміны ўцалелых жыхароў спаленых вёсак Беларусі, жорсткая, няўмольная, крывавая праўда пра вайну, пра фашызм. Яркай адметнасцю вылучаюцца такія выдатныя аповесці Я. Брыля, як “Ніжнія Байдуны” (1975) і “Золак, убачаны здалёк” (1978, Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Коласа 1982) – творы глыбінна нацыянальныя, у якіх яскрава выяўляецца маральнае здароўе, высакароднасць і прыродная мудрасць беларусаў. Аповесць “Ніжнія Байдуны” ад першай да апошняй старонкі ўспрымаецца як своеасаблівая паэтычная песня пра блізкіх аўтару людзей, яго землякоў. Уласцівы творчасці Я. Брыля аўтабіяграфізм асабліва адчуваецца ў гэтым творы. Аповесць “Золак, убачаны здалёк” – пра дзяцінства ў заходнебеларускай вёсцы. Крытыка адзначае, што ў беларускай літаратуры гэты твор практычна не мае роўных.

Трывалае месца ў творчасці Я. Брыля займаюць лірычныя мініяцюры, якія ён пачаў друкаваць з сярэдзіны 60-х гг. і якія склалі кнігі “Жменя сонечных промняў” (1965), “Вітраж”(1972), “Акраец хлеба” (1977), “Сёння і памяць” (1985), “Пішу як жыву”(1994), “Вячэрняе” (1994), “Дзе скарб ваш” (1997), “Сцежкі, дарогі, прастор” (2001), “Блакітны зніч” (2004), “Парастак” (2006). Мініяцюры Я. Брыля грунтуюцца на звычайных канкрэтных фактах, якія пісьменнік не проста ўзнаўляе, а перадае свае ўражанні ад іх, сваё глыбокае, заўсёды непаўторна-асабістае, арыгінальнае іх разуменне. Менавіта ў жанры лірычнай мініяцюры адчуваў сябе пісьменнік найбольш раскаваным. Мініяцюры былі своеасаблівай кнігай яго жыцця, лірычнай споведдзю прызнанага майстра пра сябе і свет, пра самых блізкіх людзей, пра светлыя і сумна трагічныя праявы быцця.

Вядомы Янка Брыль і як перакладчык з рускай, украінскай і польскай моў. У яго перакладзе на беларускую мову выйшлі паасобныя творы Л. Талстога, А. Чэхава, М. Горкага, П. Бажова, Г. Траяпольскага, А. Вішні, Л. Смілянскага, А. Даўжэнкі, В. Казачэнкі, М. Канапніцкай, Э. Ажэшкі, Л. Кручкоўскага, Я. Івашкевіча, В. Жукроўскага, Т. Ружэвіча, М. Ю. Канановіча, Я. Гушчы і інш.

 17.jpg  35.jpg

 
  
Бібліятэкарам