ГалоўнаяБiблiятэкарамПрафесійныя конкурсыРэспубліканскі конкурс "Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры"

Рэспубліканскі конкурс "Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры"

Інструкцыя
аб парадку правядзення рэспубліканскага конкурсу
“Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”

1. Дадзеная Інструкцыя вызначае парадак арганізацыі і правядзення рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” (далей – конкурс).
2. Конкурс праводзіцца ў мэтах узмацнення ролі публічных бібліятэк у фарміраванні нацыянальнай свядомасці насельніцтва, распаўсюджвання ідэі беларускасці, прапаганды нацыянальнай спадчыны, гісторыі, літаратуры, мовы, народнай культуры, падтрымкі і развіцця чытання.
3. Арганізацыя і правядзенне конкурсу ажыццяўляюцца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь (далей – Міністэрства культуры), структурнымі падраздзяленнямі абласных выканаўчых камітэтаў, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў галіне культуры (далей – аблвыканкамы, Мінскі гарвыканкам), дзяржаўнай установай “Нацыянальная бібліятэка Беларусі”, абласнымі бібліятэкамі, дзяржаўнай установай “Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк г. Мінска”, дзяржаўнай установай “Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г. Мінска” (далей – арганізатары конкурсу).
4. Конкурс з’яўляецца адкрытым, праводзіцца штогод.
5. Конкурс праводзіцца па наступных намінацыях:

  • “За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем”;
  • “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы”;
  • “За пошукавую і даследчую працу”;
  • “За падтрымку і развіццё чытання”.

6. Крытэрыямі ацэнкі конкурсных матэрыялаў з’яўляюцца:

  • тэарэтычная і практычная значнасць;
  • навізна і арыгінальнасць;
  • паўната і дакладнасць інфармацыі аб рабоце ўдзельніка па абраным напрамку дзейнасці;
  • лагічнасць, паслядоўнасць выкладання.

7. У конкурсе прымаюць удзел публічныя бібліятэкі, падпарадкаваныя мясцовым выканаўчым і распарадчым органам (далей – удзельнікі).
8. Конкурс праводзіцца ў два этапы: абласны і рэспубліканскі.
9. Для ўдзелу ў абласным этапе конкурсу ўдзельнікі прадстаўляюць да 1 лютага года правядзення конкурсу ў абласныя бібліятэкі, дзяржаўную ўстанову “Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк г. Мінска”, дзяржаўную ўстанову “Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г. Мінска” наступныя конкурсныя матэрыялы:

  • заяўку на ўдзел у конкурсе з указаннем абранай намінацыі;
  • інфармацыйную даведку, у якой указваюцца пазабюджэтны разліковы рахунак, код, адрас, тэлефон, прозвішча, уласнае імя і імя па бацьку (пры яго наяўнасці) кіраўніка бібліятэкі;
  • аналітычную даведку, якая ўключае асноўныя паказчыкі дзейнасці бібліятэкі за апошнія тры гады;
  • аналітычную даведку аб дзейнасці бібліятэкі за апошнія тры гады па адным з абраных кірункаў:
    • папулярызацыя беларускай літаратуры, мовы, народных традыцый, свят, абрадаў;
    • работа па ўзбагачэнні фондаў нацыянальнымі літаратурнымі творамі;
    • збор і сістэматызацыя этнаграфічных, фальклорных, тапанімічных матэрыялаў рэгіёну, падрыхтоўка нарысаў аб земляках, помніках архітэктуры і прыроды краю;
    • напісанне гісторыі населенага пункта, бібліятэкі (школы, арганізацыі і гэтак далей);
    • ушанаванне імёнаў знакамітых землякоў і лепшых прадстаўнікоў нацыянальнай культуры;
    • работа з дзецьмі і моладдзю па патрыятычным выхаванні, распаўсюджванні экалагічных ведаў і фарміраванні экалагічнай культуры; укараненне інавацыйных тэхналогій і форм абслугоўвання карыстальнікаў; падтрымка і развіццё чытання; захаванне традыцый сямейнага чытання; стварэнне папячыцельскіх, чытацкіх саветаў і клубаў.

10. Дадаткова да конкурсных матэрыялаў, указаных у пункце 9 дадзенай Інструкцыі, удзельнікі могуць прадстаўляць:

  • матэрыялы па папулярызацыі нацыянальнай культуры (сцэнарыі, апісанні мерапрыемстваў, насценныя газеты, рукапісныя часопісы, фотаматэрыялы і інш.);
  • фатаграфіі бібліятэкі;
  • водгукі карыстальнікаў аб дзейнасці бібліятэкі;
  • публікацыі аб бібліятэцы, змешчаныя ў сродках масавай інфармацыі.

11. Для забеспячэння правядзення рэспубліканскага этапу конкурсу ствараецца журы, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі дзяржаўных органаў (па ўзгадненні з іх кіраўнікамі), дзяржаўнай установы “Нацыянальная бібліятэка Беларусі”, абласных бібліятэк, грамадскіх аб’яднанняў і іншых зацікаўленых арганізацый.
Склад журы зацвярджаецца Міністэрствам культуры.
12. Абласныя бібліятэкі сумесна са структурнымі падраздзяленнямі аблвыканкамаў да 1 сакавіка года правядзення конкурсу вызначаюць па два пераможцы ў кожнай намінацыі сярод бібліятэк, размешчаных у горадзе, і бібліятэк, размешчаных у пасёлках гарадскога тыпу, сельскіх населеных пунктах.
Дзяржаўная ўстанова “Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк г. Мінска”, дзяржаўная ўстанова “Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г. Мінска” сумесна са структурным падраздзяленнем Мінскага гарвыканкама да 1 сакавіка года правядзення конкурсу вызначаюць па аднаму пераможцу ў кожнай намінацыі.
13. Для ўдзелу ў рэспубліканскім этапе конкурсу абласныя бібліятэкі, дзяржаўная ўстанова “Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк г. Мінска”, дзяржаўная ўстанова “Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г. Мінска” да 15 сакавіка года правядзення конкурсу дасылаюць конкурсныя матэрыялы пераможцаў абласнога этапу конкурсу на адрас дзяржаўнай установы “Нацыянальная бібліятэка Беларусі” з паметкай “На конкурс «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры»”.
Да конкурсных матэрыялаў прыкладаюцца іх копіі ў лічбавай форме.
14. Вынікі рэспубліканскага этапу конкурсу падводзяцца на пасяджэнні журы да 15 мая года правядзення конкурсу.
15. На пасяджэнні журы вызначае пераможцаў сярод бібліятэк, размешчаных у горадзе, і бібліятэк, размешчаных у пасёлках гарадскога тыпу, сельскіх населеных пунктах, якія занялі першае, другое і трэцяе месцы ў кожнай з намінацый.
16. Пераможцы рэспубліканскага этапу конкурсу ў кожнай з намінацый узнагароджваюцца дыпломамі першай, другой, трэцяй ступені і грашовымі прэміямі:

  • за першае месца – 50 базавых велічынь;
  • за другое месца – 40 базавых велічынь;
  • за трэцяе месца – 30 базавых велічынь.

Удзельнікам рэспубліканскага этапу конкурсу могуць прысуджацца заахвочвальныя грашовыя прэміі ў памеры да 10 базавых велічынь.

17. Выплата грашовых прэмій пераможцам рэспубліканскага этапу конкурсу ажыццяўляецца да 1 верасня года правядзення конкурсу за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту ў межах сродкаў, прадугледжаных Міністэрству культуры на правядзенне цэнтралізаваных мерапрыемстваў.
18. Размеркаванне дыпломаў пераможцаў конкурсу першай, другой і трэцяй ступені па намінацыях і грашовых прэмій пацвярджаецца пратаколам пасяджэння журы.
Па выніках конкурсу выдаецца загад міністра культуры Рэспублікі Беларусь.
19. Фінансаванне падрыхтоўкі і правядзення конкурсу ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, а таксама іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам. 20. Інфармацыя аб правядзенні конкурсу, а таксама яго выніках друкуецца ў сродках масавай інфармацыі, адлюстроўваецца на афіцыйным сайце Міністэрства культуры і інтэрнэт-партале дзяржаўнай установы “Нацыянальная бібліятэка Беларусі”.

Поўны тэкст пастановы: http://www.pravo.by/main.aspx?guid=3871&p0=W21327775&p1=1  

Бібліятэкарам